ТЭКСТЫ́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
група галін лёгкай прамысловасці па перапрацоўцы расл., жывёльных, хім. валокнаў на тканіну, ніткі, трыкатаж і інш. вырабы. Уключае баваўняную прамысловасць, ільняную прамысловасць, шарсцяную прамысловасць, шаўковую прамысловасць, трыкатажную, таксама вытв-сць нятканых матэрыялаў, стужачных вырабаў. Вырабы Т.п. выкарыстоўваюцца для адзення і абутку, у мэблевай, маш.-буд. прам-сці.
На Беларусі прадпрыемствы Т.п. ўзніклі ў 18 ст.: крычаўскія мануфактуры (парусінавыя), Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, мануфактуры ў Добрушы (палатняная), Нясвіжы і Паласне (шарсцяныя), Шклове (шаўковая). Тэкст. прадукцыю выраблялі гродзенскія каралеўскія мануфактуры. На пач. 20 ст. выпускалася пераважна льняная пража ў Віцебску, мяст. Высачаны (гл. Высачанская лёнапрадзільная фабрыка), шарсцяныя тканіны выраблялі Парэцкая суконная фабрыка, ружанскія суконныя прадпрыемствы і інш. У 1913 выпуск прадукцыі Т.п. склаў 4,8% валавой прадукцыі прам-сці Беларусі, у 1940 ён вырас у 4 разы, выпрацоўка тканін на душу насельніцтва павялічылася ў 10,8 раза. Пасля Вял. Айч. вайны арганізавана вытв-сць камвольных тканін (Мінскі камвольны камбінат), дывановых (Брэсцкі і Віцебскі дывановыя камбінаты), стужачных і гардзінна-цюлевых вырабаў (Магілёў), нятканых матэрыялаў (Віцебск); пабудаваны прадпрыемствы па вытв-сці верхняга трыкатажу (Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Мінская трыкатажная фабрыка, Брэсцкая ф-ка верхняга трыкатажу), баваўняных (Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне) і шаўковых тканін (Гродна, Слонім). У Т.п. (2001) каля 200 прадпрыемстваў і вытв-сцей, на якіх занята 131,4 тыс. чалавек. Выраблена (у млн. м²) тканіны ўсіх відаў 249,2, у т. л. баваўнянай 57,5, ільняной 25,3, шарсцяной 6,5, шаўковай 54,6; трыкатажных вырабаў 45,9 млн. шт. У свеце Т.п. найб. развіта ў Кітаі, Расіі, ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі.
т. 16, с. 110